The Tolkien Ensemble

«The Tolkien Ensemble» (па-беларуску: Ансамбль Толкіна) — дацкі ансамбль, заснаваны ў 1995 року. Асноўнаю задачай удзельнікі ансамблю паставілі складаньне «поўнай музычнай інтэрпрэтацыі вершаў і песьняў з „Уладара Пярсьцёнкаў“». Праект быў ухвалены як сям’ёй Толкінаў, так і выдавецтвам, а каралева Даніі Маргрэтэ II дала дазвол на выкарыстаньне сваіх малюнкаў на вокладцы CD.

The Tolkien Ensemble
Інфармацыя
Гады 1995 — цяпер
Адкуль Данія
Мова ангельская
Жанр сымфанічная музыка, народная музыка
Выдавец Classico Records
Зьвязаныя праекты Крыстафэр Лі, Гаўард Шор
Афіцыйная старонка http://www.tolkien-ensemble.net
Удзельнікі
  • Каспар Рэйф
  • Пітэр Гол
  • Мортэн Р’елюнд Сорэнсэн
  • Сыгнэ Асмусэн
  • Эавінд Угаард
  • Каця Нільсэн

. . . The Tolkien Ensemble . . .

Сталыя ўдзельнікі ансамблю:

Ансамбль заснаваў увосені 1995 року кампазытар Каспар Рэйф, які тады навучаўся гітары ў Каралеўскай дацкай акадэміі музыкі (Капэнгаген). У склад гурту ўвайшлі сябры-студэнты і ягоны былы настаўнік па гітары, кампазытар і мультыінструмэнталіст Пітэр Гол. У плянах абодвух кампазытараў было стварэньне першае ў сьвеце музычнае інтэрпрэтацыі вершаў з Толкінавага «Ўладара Пярсьцёнкаў», таму гурт атрымаў назву «Ансамбль Толкіна».

Першы выступ «The Tolkien Ensemble» адбыўся 21 студзеня 1996 у Г’ёрсьлеўскім замку(da), пасьля чаго па ўсёй краіне прайшоў шэраг удалых канцэртаў. Напрыканцы 1996 гурт атрымаў ад Tolkien Estate дазвол на запіс першых 12 песьняў з «Уладара Пярсьцёнкаў». Кампазытары запрасілі для прадусаваньня альбому маладога дырыгента Мортэна Р’елюнда, які пазьней стаў сталым удзельнікам гурту. Атрымаўшы дазвол ад Ейнай каралеўскай ягамосьці Маргрэтэ II, ансамбль пачаў зьмяшчаць ейныя ўнікальныя малюнкі на ўсіх уласных CD.

Першы альбом, «An Evening in Rivendell» (бел. Вечар у Долым Яры), выйшаў увосені 1997 і атрымаў захапляльныя водгукі прэсы. Пасьля гэтага музыкі правялі шэраг канцэртаў, адзін зь якіх адбыўся ў 1998 року ў Оксфардзе ў прысутнасьці чальцоў сям’і Толкінаў.

У 2000 року выйшаў другі альбом ансамблю, «A Night in Rivendell» (бел. Ноч у Долым Яры), песьні на якім былі больш змрочнымі. На гэтым CD «The Tolkien Ensemble», сярод іншых, супрацоўнічаў са сьпевакамі Поўлем Дысынгам(da), які выканаў сьпеў Глыкса, Куртам Раўнам(da) (Ляголас) і Ульрыкам Кольдам(da) (Гэндальф).

Улетку 2000 року «The Tolkien Ensemble» атрымаў статус культавага сярод фанатаў Толкіна ва ўсім сьвеце, аднак ансамбль чакаў большага. Пасьля выхаду першае часткі Джэксанавае кінатрылёгіі «Уладар Пярсьцёнкаў» зацікаўленасьць у творчасьці Толкіна значна падвысілася, і музыкі былі запрошаныя на дацкую прэм’еру «Зьвяз Пярсьцёнка». Сярод прысутных на імпрэзе быў знакаміты актор Крыстафэр Лі, выканаўца ролі Сарумана. Ён згадзіўся ўзяць удзел у запісе трэцяга альбому гурту «At Dawn in Rivendell» (бел. На досьвітку ў Долым Яры) часткова як дыктар, часткова як выканаўца Дрэвабародавых сьпеваў.

Выхад трэцяга альбому на хвалі узрослай зацікаўленасьці да твораў Толкіна меў вялікі посьпех: «At Dawn in Rivendell» быў выдадзены ў 22 краінах сьвету, круціўся па радыё і атрымаў выдатныя ацэнкі. Супрацоўніцтва з Крыстафэрам Лі працягнулася і на канцэртных выступах. Увосень 2002 ён узяў удзел у канцэрце ў канцэртнай залі «Цівалі»(da). Потым адбылося вялікае турнэ па Эўропе, завершанае ўлетку 2003 року канцэртам у Даніі ў прысутнасьці каралевы Маргрэтэ II і прынца Генрыка(da).

Пасьля гэтага ансамбль працягнуў ладзіць канцэртныя выступы. У 2004 абодва кампазытары, Рэйф і Гол, разам Крыстафэрам Лі ўзялі ўдзел у аншлагавым канцэрце ў Канцэртгебаў (Амстэрдам), а ў 2005 гурт сыграў на двух вялікіх канцэртах у Ледрэборскім замку(da), якія наведалі больш за 22 000 чалавек. Сярод выканаўцаў быў і новы ўдзельнік гурту Нік Кэйр з шатляндзкага фольк-трыё «The McCalmans». Гэтыя канцэрты, зладжаныя разам з Дацкім нацыянальным камэрным аркестрам і Дацкім нацыянальным камэрным хорам Дацкага радыё, адзначыліся таксама выхадам чацьвертага, апошняга альбому «Leaving Rivendell» (бел. Пакідаючы Долы Яр).

Больш чым 10-гадовая творчасьць калектыву атрымала лягічнае завяршэньне выданьнем каробачнага выданьня з 4 кампакт-кружэлак, да запісу якога былі прыцягнутыя больш за 150 прафэсійных музыкаў. Такім чынам, «The Tolkien Ensemble» дасягнуў сваёй мэты: выданьня поўнага збору песьняў і вершаў з «Уладара Пярсьцёнкаў». 4-дыскавае выданьне прысьвечанае памяці Дж. Р. Р. Толкіна, Толкінаўскаму таварыству ў Оксфардзе і мільёнам людзей, якія захоўваюць «Уладара Пярсьцёнкаў» у сваім сэрцы.

У 2007 ансамбль зладзіў турнэ па Эўропе, прадставіўшы акрамя ўласных твораў урыўкі саўндтрэкаў да кінатрылёгіі Говарда Шора і жывы тэкст у выкананьні Крыстафэра Лі.

. . . The Tolkien Ensemble . . .

This article is issued from web site Wikipedia. The original article may be a bit shortened or modified. Some links may have been modified. The text is licensed under “Creative Commons – Attribution – Sharealike” [1] and some of the text can also be licensed under the terms of the “GNU Free Documentation License” [2]. Additional terms may apply for the media files. By using this site, you agree to our Legal pages . Web links: [1] [2]

. . . The Tolkien Ensemble . . .

Previous post Краснаярск
Next post Дакучаеўск