Пётар Раізі

Пётар Раізі (сапр. — Пэдра Руіс дэ Морас; каля 1505, Альканьніз — 1571, Вільня) — лацінамоўны паэт, правазнаўца, адзін з заснавальнікаў навуковай школы юрыспрудэнцыі ў Вялікім Княстве Літоўскім. Роданачальнік макаранічнай паэзіі ў Польшчы і Вялікім Княстве Літоўскім[1].

. . . Пётар Раізі . . .

Паводле паходжаньня — гішпанец. Выхаванец італьянскіх унівэрсытэтаў (Балёньня, Падуя). На працягу дзесяці гадоў выкладаў права ў Кракаўскай акадэміі, аказваў юрыдычныя паслугі каралеўскай сям’і і займаўся паэтычнай творчасьцю. У 1551 з Кракава прыехаў у Вільню. Служыў у жамойцкага біскупа Яна Даманеўскага, быў канонікам у Варнянах, архіпрэсьвітэрам касьцёла сьв. Яна ў Вільні, з 1567 — канонік віленскага капітула.

У 1561 склаў для жамойц­кага біскупства Канстытуцыю і Навэлы — законапалажэньні і правілы, якімі павінна яно карыстацца. У Вільні ўваходзіў у склад дворнага гаспадарскага суда, што разглядаў апэляцыі ад гарадоў з магдэбурскім правам. Аўтар працы «Заключэньне Пятра Раізія, каралеўскага юрысконсульта, аб справах, што слухаліся на судовых пасяджэньнях Літвы, і аб абскарджаньні судовых рашэньняў» (Кракаў, 1563; Франкфурт-на-Майне, 1570; Вэнэцыя, 1572) — сур’ёзнага тэарэтычнага аналізу судовай практыкі па прыватным праве[2].

У 1563 быў адным з заснавальнікаў першай навуковай школы юрыспрудэнцыі ў Вялікім Княстве Літоўскім — «Школы права цывільнага, рымскага, саксонскага, магдэбурскага, літоўскага пад кіраўніцтвам П. Раізія»[2]. Гісторык Т. Нарбут лічыць, што П. Раізі выкладаў у школе рымскае, саксонскае і магдэбурскае права. Паводле меркаваньня Я. Курчэўскага, гэ­тая школа існавала пры касьцёле св. Яна з 1513, і ў ёй выкладаліся лацінская і нямецкая мовы, а П. Раізі ў 1563 увёў выкладаньне рымскага і літоўскага права, грэцкай мовы[2]. Прыходзкую школу П. Раізі ператварыў у вучылішча юрыспрудэнцыі, дзе арганізаваў падрыхтоўку судзьдзяў, адвакатаў і іншых судовых службоўцаў.

Разам з А. Ратундусам уваходзіў у рэдакцыйную камісію другой рэдакцыі Статута Вялікага Княства Літоўскага (1566)[3]. Запрашэньне іншаземца ў склад Статутнай камісіі было рэдкім выпадкам[2].

Сваёй практычнай і навуковай дзейнасьцю П. Раізі зрабіў значны ўклад у разьвіцьцё права і культуры ў Вялікім Княстве Літоўскім. Памёр у 1571 годзе ў Вільні.

. . . Пётар Раізі . . .

This article is issued from web site Wikipedia. The original article may be a bit shortened or modified. Some links may have been modified. The text is licensed under “Creative Commons – Attribution – Sharealike” [1] and some of the text can also be licensed under the terms of the “GNU Free Documentation License” [2]. Additional terms may apply for the media files. By using this site, you agree to our Legal pages . Web links: [1] [2]

. . . Пётар Раізі . . .

Previous post Клімат Беларусі
Next post Бараціна (Берасьцейская вобласьць)