
Клімат Беларусі
КліматБеларусі ўмераны пераходны ад марскога да кантынэнтальнага.
. . . Клімат Беларусі . . .
Асноўнымі фактарамі, якія ўплываюць на фармаваньне клімату, зьяўляюцца геаграфічнае становішча і рэльеф.
Асаблівасьці клімату Беларусі абумоўлены:
- разьмяшчэньнем тэрыторыі ва ўмераных шыротах;
- перавагай раўніннага рэльефу;
- блізкасьцю Атлянтычнага акіяну;
- адсутнасьцю гор у межах краіны і ў суседніх рэгіёнах.
Асноўныя рысы клімату Беларусі — мяккасьць, невялікія амплітуды тэмпэратур, дастатковая колькасьць ападкаў, няўстойлівы характар надвор’я. Нягледзячы на невялікую плошчу Беларусі, кліматычныя паказчыкі ў розных рэгіёнах рэспублікі адрозьніваюцца.
Колькасьць сонечнай радыяцыі абумоўлена вуглом падзеньня сонечных прамянёў і працягласьцю дня. Вугал падзеньня сонечных прамянёў на поўначы Беларусі больш востры, чым на поўдні, на працягу цэлага году. Працягласьць дня летам на поўначы краіны большая, чым на поўдні, на 1 гадзіну 10 хвілін, а зімою дзень на паўгадзіны даўжэйшы, чым на поўдні. Таму колькасьць сонечнай радыяцыі летам амаль аднолькавая па ўсёй тэрыторыі Беларусі, але зімой паўднёвыя раёны атрымліваюць яе значна больш.
Агульная сонечная радыяцыя павялічваецца ў напрамку з поўначы на поўдзень. Гадавая агульная радыяцыя ў паўночных раёнах складае каля 3600 МДж/м². Паўднёвыя раёны атрымліваюць больш за 4000 МДж/м².
Сонечная радыяцыя значна зьмяняецца на працягу году. У чэрвені яна амаль у 15 разоў больш, чым у сьнежні. Летам пераважае наўпроставая сонечная радыяцыя (50—55% ад агульнай). Зімой і восеньню 70—80% складае доля расьсеянай сонечнай радыяцыі.
Велічыня радыяцыйнага балянсу на тэрыторыі Беларусі павялічваецца з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад ад 1500 да 1900 МДж/м². Зімой зямная паверхня атрымлівае мала сонечнай радыяцыі, таму радыяцыйны балянс адмоўны.
Ва ўмераных шыротах пераважае заходні перанос паветраных мас, таму для Беларусі найбольш характэрны заходнія вятры. У сувязі са зьменай атмасфэрнага ціску зімой і летам напрамак вятроў крыху зьмяняецца. Зімой пераважаюць паўднёва-заходнія вятры, а летам — паўночна-заходнія. Такая атмасфэрная цыркуляцыя абумовіла перавагу на працягу году атлянтычнага паветра ўмераных шыротаў. Зь ім зьвязаны пахмурнае надвор’е і дажджы летам, сьнег і адліга — зімой. Адсутнасьць гор прыводзіць да пранікненьня на тэрыторыю краіны кантынэнтальных паветраных мас з усходу. Яны звычайна прыносяць сухое надвор’е зімой і летам. Пэрыядычна на тэрыторыю Беларусі паступаюць арктычныя паветраныя масы, якія прыводзяць да рэзкага пахаладаньня, а летам можа пранікаць трапічнае паветра. Характэрнай рысай атмасфэрнай цыркуляцыі зьяўляецца частая зьмена цыклёнаў і антыцыклён, які прыводзіць да няўстойлівасьці надвор’я, асабліва восеньню і вясной.
. . . Клімат Беларусі . . .