
Несьцерка (п’еса)
«Несьцерка» — п’еса Віталя Вольскага (камэдыя ў трох дзеях, сямі карцінах), напісаная ў 1940 годзе. Першая пастаноўка адбылася 18 траўня 1941 году на сцэне Другога Беларускага дзяржаўнага тэатру[1] падчас гастроляў у Петразаводзку (Карэла-Фінская ССР, СССР)[2].
У 1941 годзе п’еса была адзначаная першай прэміяй на Ўсесаюзным конкурсе на лепшы драматургічны твор. І па сёньняшні дзень спэктакль па п’есе Вольскага, перажыўшы ўжо не адну рэдакцыю, зьяўляецца свайго роду візыткай Беларускага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа — зь п’есы «Несьцерка» нязьменна адкрываецца кожны чарговы яго сэзон)[3]. У 1946 годзе твор адзначылі Дзяржаўнай прэміяй СССР. Першапачатковы спэктакль ставіўся без замены дэкарацыяў і рэжысуры да 1986 году. Сучасную пастаноўку ў 2006 годзе стварыў Віталь Баркоўскі[2].
. . . Несьцерка (п’еса) . . .
Сюжэт камэдыі «Несьцерка», пабудаваны паводле матываў беларускіх народных казак. Ён уяўляе сабой шэраг займальных прыгодаў, якія здараюцца з галоўнымі пэрсанажамі.
Галоўны герой, селянін Несьцерка, жадае дапамагчы хлопцу Юрасю ажаніцца з Насьцяй. Дзеля гэтага яму даводзіцца пераадолець нямала перашкод: абхітрыць пана, перамагчы ў дыспуце шкаляра, ашукаць судзьдзю, а таксама прымусіць шкаляра адмовіцца ад шлюбу.
На працягу ўсёй п’есы прасочваецца некалькі сюжэтных ліній: лінія Несьцеркі, які ратуецца ад шляхцюкоў, якія абвінавачваюць яго ў наўмысным шкодніцтве, лінія каханьня Юрася і Насьці, лінія шкаляра Самахвальскага, які прэтэндуе на найхутчэйшае ўзыходжаньне да кар’ерных вяршынь. І яшчэ сюжэтная лінія пошуку справядлівасьці, зьвязаная з судзьдзёй, шляхцюкамі і панам Бараноўскім.
Усе гэтыя лініі і выяўляюць вобраз галоўнага героя[1].
П’еса «Несьцерка» зьяўляецца народна-лубачнай сатырычнай камэдыяй. Віталь Вольскі паспрабаваў у ёй выкарыстаць формы старадаўняга народнага тэатра, беларускай інтэрмэдыі, балаганных прадстаўленьняў, сцэны са скамарохамі. Ён таксама ўмела выкарыстаў паданьні, якія існавалі ў народзе — пра шамякаў суд, «вучоны» дыспут, рашэньне трох загадак на кемлівасьць і інш.[1].
. . . Несьцерка (п’еса) . . .