Напалі Нэапаль

«Напалі» (па-італьянску: Napoli) — італьянскі футбольны клюб з гораду Нэапаль. Заснаваны ў 1926 годзе. Двухразовы чэмпіён Італіі (1987, 1990), пяціразовы ўладальнік Кубка Італіі. Уладальнік Кубка УЭФА (1989). Колеры клюбу ёсьць блакітна-белыя. Хатнія сустрэчы «Напалі» праводзіць на стадыёне «Сан-Паолё». «Напалі» зьяўляецца адным з наймацнейшых клюбаў Паўднёвай Італіі й чацьвертым клюбам краіны паводле колькасьці заўзятараў.

Напалі
Поўная назва Società Sportiva Calcio Napoli S.p.A.
Заснаваны 1 жніўня 1926
Горад Нэапаль, Італія
Стадыён Сан-Паолё
Умяшчальнасьць: 60 240
Прэзыдэнт Аўрэліё Дэ Ляўрэнтыс[d]
Кіраўнік Filmauro[d]
Галоўны трэнэр
Чэмпіянат Сэрыя A
 · 2020—2021 5 месца
Хатнія колеры
Выязныя колеры
Трэція колеры
Афіцыйны сайт

З моманту заснаваньня ў 1926 годзе, клюб некалькі разоў зьмяняў назву. Першапачаткова ён называўся «Associazione Calcio Napoli», у 1964 годзе каманда была перайменаваная ў «Società Sportiva Calcio Napoli» і звалася гэтак да 2004 году, калі «Напалі» спасьцігла банкруцтва. Новы прэзыдэнт Аўрэліё Дэ Ляўрэнтыс адрадзіў клюб пад назвай «Napoli Soccer». У 2006 годзе ён вырашыў вярнуць старую назву — «Società Sportiva Calcio Napoli».

. . . Напалі Нэапаль . . .

Футбол у Нэапалі зарадзіўся ў 1904 годзе, калі ангельскі марак Ўільям Потс, ягоны кампаньён Гэктар Баён і нэапалітанцы Сальсі, Катэрына й Канфордзі заснавалі «Naples Foot-Ball & Cricket Club». Прэзыдэнтам клюбу стаў Амадэо Сальсі. Першы матч нэапалітанцы згулялі з экіпажам ангельскага карабля «Арабіка» й перамаглі зь лікам 3:2. У 1906 годзе з назвы адпала слова «Cricket» і клюб стаў называцца проста «Naples Foot-Ball Club».

З прычыны, што ў раньніх розыгрышах чэмпіянату Італіі клюбы з поўдня краіны ўдзелу не прымалі «Наплес» працягваў гуляць з маракамі суднаў, якія заходзілі ў гавань, або выступаўчы ў Кубку Выкліку Ліптана, дзе спаборнічалі клюбы Нэапалю й Палерма. Двойчы, у 1909 і 1911 гадох, «Наплес» перамагаў у фіналах кубка. Да гэтага часу колеры формы нэапалітанцаў набылі звыклы выгляд — блакітныя кашулі й белыя трусы.

У 1912 годзе адзін з заснавальнікаў «Наплес» Гэктар Баён вырашыў заснаваць свой клюб — «Інтэрнацыянале». У той жа год «Інтэр» як і «Наплес» дэбютаваў у чэмпіянаце Італіі. Чэмпіянат, у той час, праходзіў па рэгіянальным прынцыпе, і клюбы, такім чынам, мелі суперніцтва ў зоне Кампаніі. Але разьвіцьцю абедзьвюх камандаў перашкодзіла Першая сусьветная вайна, а неўзабаве па ейным сканчэньні, у 1922 годзе, клюбы аб’ядналіся ў адзін — «Інтэрнаплес» (італ. FBC Internaples). Датай заснаваньня цяперашняга «Напалі» лічыцца 1 жніўня 1926 году, калі кіраўнікі «Інтэрнаплесу» перайменавалі каманду ў «Associazione Calcio Napoli».

Нэапальская дружына ў сэзоне 1946—1947 гадоў.

Ужо ў хуткім часам клюб зьмяніў назоў на звыклі нам на сёньня «Напалі»[1]. Сэзон 1926—1927 гадоў быў дзеля клюбу катастрафічным, бо дружына з поўдню краіны здолела здабыць толькі адзіны пункт у розыгрышу. І ўсё-ж такі, Італьянская футбольная фэдэрацыя пакінула нэапальскі клюб у шэрагах клюбаў вышэйшага дывізіёну, дазволіўшы клюбу захаваць сваё месца ў лізе. У далейшым выступы клюбу значна палепшыліся, а ў шэрагах каманды зазьзяла новая зорка ў асобе народжаннага ў Парагваі футбаліста Атылі Салюстры, які быў першым паўнавартасным улюбёнцам публікі[2]. Ён трапна адзначаўся галамі ў брамы супернікаў, усталяваўшы рэдорд, які ў будучыні быў перасягнуты Дыега Марадонам і Марэкам Гамшыкам[3]. У канцы 1920-х гадоў дружыну ачоліў ангельскі трэнэр Ўільям Гарбат, які раней узначальваў «Рому»[4]. За часам шэфства Гарбата клюб істотна зьмяніўся, часта займаючы верхнюю палову выніковай табліцы. У сэзонах 1932—1933 і 1933—1934 гадоў «Напалі» фінішаваў на другім радку. На той час за клюб гулялі такія выбітныя гульцы, як то Антоніё Вояк, Арнальда Сэнтымэнці і Карлё Бускальля[5]. Але, яшчэ да пачатку Другой сусьветнай вайны пачаўся заняпад «Напалі», які амаль ня скончыўся паніжэньнем клюбу ў клясе ў сэзоне 1939—1940 гадоў, але клюб выратавала розьніца паміж забітымі і прапушчанымі галамі.

Тым ня менш, празь некалькі гадоў клюб усё ж такі быў вымушаны пакінуць найвышэйшы дывізіён. У гэты ж час нэапальцы зьехалі з стадыёна імя Джорджа Аскарэльлі, пераехаўшы на стадыён імя Артура Кальяна. Да сканчэньня вайны клюб заставаўся ў Сэрыі Б, вярнуўшыя ў эліту толькі на два сэзоны. «Напалі» быў выключаны з Сэрыі А праз скандал зьвязаны з хабарніцтвам[6]. У пачатку 1950-х гадох клюб вярнуўся ў эліту, таксама знайшоўшы ў 1959 годзе новую пляцоўку, якой стаў стадыён «Сан-Паолё». Не зважаючы на ​​нестабільныя выступы ў лізе, якія суправаджаліся падвышэньнямі і паніжэньнямі, «Напалі» дасягнуў кубкавага посьпеху, перамогшы ў фінале Кубка Італіі ў 1962 годзе клюб СПАЛ, дзякуючы галам Джаньні Карэльлі і П’ерлюіджы Рандзона. Іхны чацьверты ў гісторыі вылет з эліты перарваў сьвята ў наступным сэзоне.

Гульцы з Кубкам Італіі ў 1962 годзе.

У сярэдзіне 1960-х «Напалі» зноўку пачаў набіраць моц, дамогшыся падвышэньня чарговым разам ў сэзоне 1964—1965 гадоў. Пад кіраўніцтвам былога гульца клюбу Бруна Пэсаолі яны здабылі Кубак Альпаў[7] і, вярнуўшыся ў элітны дывізіён, стала ўвайшлі ў пяцёрку лепшых клюбаў краіны. «Напалі» быў вельмі блізкі да перамогі ў лізе ў 1967—1968 гадох, заняўшы другое і саступіўшы толькі «Міляну». Аднымі з самых папулярных гульцоў гэтага пэрыяду былі Дына Дзоф, Жазэ Алтафіні, Амар Сывары і паўабаронца-нэапалітанец Антоніё Джуліяна. Джуліяна ў выніку перасягнуў і ўсталяваў новы рэкорд клюбу паводле колькасьці праведзеных матчаў, які трывае і дасюль[5]. Пасьпяховы пэрыяд працягнуўся і ў 1970-х гадох, то бок паводле вынікаў сэзонаў 1970—1971 і 1973—1974 гадоў клюб фінішаваў на трэцім месцы. Пад кіраўніцтвам яшчэ аднага былога гульца нэапальцаў Луіса Вінісію клюб атрымаў квіток у першы розыгрыш Кубка УЭФА. У сэзоне 1974—1975 гадоў «Напалі» прабіўся ажно да трэцяга раўнду, выбіўшы вугорскі «Відэатон» і партугальскі «Порту», але паводле вынікаў двух матчаў саступіўшы месца чэхаславацкаму «Баніку». У тым жа сэзоне «Напалі» заняў другое месца ў Сэрыі А, усяго на два пункты адстаючы ад чэмпіёна «Ювэнтуса». У гэты пэрыяд дружына ў асноўным складалася з мясцовых гульцоў, як то Джузэпэ Брускалёцьці, Антоніё Джуліяна, Сальваторэ Эспазыта і Джузэпэ Савольдзі, галоўным нападнікам клюбу, які перайшоў быў у склад клюбу неўзабаве да пачатку сэзону з «Балёньні»[5].

. . . Напалі Нэапаль . . .

This article is issued from web site Wikipedia. The original article may be a bit shortened or modified. Some links may have been modified. The text is licensed under “Creative Commons – Attribution – Sharealike” [1] and some of the text can also be licensed under the terms of the “GNU Free Documentation License” [2]. Additional terms may apply for the media files. By using this site, you agree to our Legal pages . Web links: [1] [2]

. . . Напалі Нэапаль . . .

Previous post Жамыслаўль
Next post Вуліца Савецкая (Гомель)