
Віцязь (прадпрыемства)
«Ві́цязь» — дзяржаўнае машынабудаўнічае прадпрыемства Беларусі, заснаванае ў сакавіку 1976 году пад назвай «Віцебскага тэлевізійнага заводу»[5].
На 2021 год вырабляла мэдычнае абсталяваньне, побытавыя прылады і тэлевізары, а таксама будаўнічыя матэрыялы, мэблю і пажарныя прылады. Прадпрыемства ўваходзіла ў свабодную эканамічную зону «Віцебск» і месьцілася на 5 вытворчых пляцоўках агульнай плошчай 51,5 гектары. У склад прадпрыемства ўваходзілі асяродак распрацоўкі вырабаў і 9 вытворчасьцяў: 1) мэдычных прыладаў, 2) побытавай электронікі, 3) адмысловага абсталяваньня, 4) мэталаапрацоўча-прыладная, 5) гальванічная, 6) плястмасавых вырабаў, 7) энэргетычная, 8) пяшчана-бэтонных вырабаў, 9) дрэваапрацоўчая. Таксама «Віцязю» належалі: аўтастаянка і 3 гуртажыткі, спартовы комплекс і страўня[6]. «Віцязь» быў найбольшым прамысловым прадпрыемствам Віцебска. Гандлёвая сетка налічвала 4 фірмовыя крамы ў Валожыне (Менская вобласьць), Віцебску, Воршы (Віцебская вобласьць) і Менску. За мяжой працавала гандлёвае прадстаўніцтва ў Санкт-Пецярбургу (Расея)[7]. Майстэрні абслугоўваньня побытавых прыладаў «Віцязь» дзейнічалі ў 100 са 118 раённых цэнтраў Беларусі, у тым ліку па 2 у Менску, Клімавічах (Магілёўская вобласьць), Рэчыцы (Гомельская вобласьць) і Сьвіслачы (Гарадзенская вобласьць), а таксама ў Новалукомлі і Наваполацку. У 68 гарадах Расеі дзейнічала 83 такія майстэрні[8].
. . . Віцязь (прадпрыемства) . . .
На 2021 год «Віцязь» меў у вытворчасьці:
- 8 відаў станкоў — абразіўна-адразныя, зубаапрацоўчыя, дзяўбальныя, каардынатна-расточныя, сьвідравальныя (7 узораў), такарныя (4), фрэзэрныя (7) і шліфавальныя (9);
- 2 віды нажніцаў — гільяцінныя і ролікавыя;
- 5 відаў прэсаў;
- згінальныя машыны, лістазгінальныя вальцы і 3 віды трубазгінальнікаў;
- мэханічную нажоўку і зварачнае абсталяваньне[9].
Фарбавальны комплекс мог наносіць водарашчынальныя эмалі на кажухі і карпусы тэлевізараў даўжынёй да 80 см. У склад комплексу ўваходзілі фарбавальная кабіна, канвэер перавозкі і тунэль сушкі[10]. Таксама ў вытворчасьці выкарыстоўвалі лічбавае праграмнае кіраваньне (ЛПК), загружальнік сыпкіх плястыкавыхгранулаў магутнасьцю 300 кг/гадзіна, гранулятар полістыролу магутнасьцю 90 кг/гадзіна, драбілку тэрмаплястмасы магутнасьцю 100 кг/гадзіна, клямарааўтамат магутнасьцю 4000 асобнікаў/гадзіна (вытворасьць з дроту для кілбаснай абалонкі), выпрабавальні ходнікавай пліткі і побытавай электронікі, стружкаадсмок магутнасьцю 1900 кубамэтраў/гадзіна для дрэваапрацоўкі, акустычныя таймэры чуйнасьцю ад 40 гэрц, выпрамляльнік сілкаваньня для стабілізацыі шчыльнасьці і напругітоку ў гальванічных ваннах і пры электрахімічнай мэталаапрацоўцы, а таксама аддзяляльнік абрэзкаў магнітных мэталаў[11].
На 2021 год «Віцязь» вырабляў:
- 21 узор вадкакрышталічныхтэлевізараў з дыяганальлю ад 15 да 65 цаляў (38—165 см)[12];
- лічбавыя тэлецюнэры і тэлевізійныя кранштэйны для дыяганалі 26—50 цаляў (66—127 см) і вагі да 25 кг;
- 3 узоры тэлеантэнаў, у тым ліку з узмацняльнікам (АТІАГ) і пакаёвыя (АТНА)[13];
- 3 узоры цеплавэнтылятараў памяшканьняў[14];
- 3 узоры мікрахвалёвых печак на 20 літраў магутнасьцю 700 ватаў[15];
- плястмасавыя вырабы — эўрападдоны 120 на 80 см, літровыя квадратныя слоікі з накрыўкай, скрыні для дасьпяваньня тоны сыру, полістырольныя скрыні зьмяшчальнасьцю ад 0,5 да 50 літраў і 25 кг, палімэрныя слоікі ад 1 да 18 літраў, утулкі і шканты для мэблі, паліца- і штангатрымальнікі, сеткавыя шнуры, модульныя краты на 1 кв.м, а таксама рукаяткі, стужкі і сьцяжкі для мэблі[16];
- кованую, корпусную (з драўнянавалакністай і лямінаванай пліты) і драўняную (з масіву бярозы і хвоі) мэблю — зэдлік, камода, канапа, ложак, паліца, стол, стэлаж, тумба і шафа[17];
- 13 узораў зарадных станцыяў для электрамабіляў — «ЕС-301», «ЕС-302» і «ЕС-401» выходнай магутнасьцю ад 7,2 да 50 кіляват з напругай 230, 400 і 500 вольт[18];
- электраровар «Цёмны конь» на 50 км ходу з магутнасьцю электрарухавіка 250 ват[19];
- 19 узораў мэдычных вырабаў — паветраныя і паравыя стэрылізатары абсягам ад 10 да 80 літраў, візуалізатары венаў і рэцыркулятары паветра, бактэрыцыдныя выпраменьвальнікі ўльтрафіялетам і сухапаветраныя тэрмастаты (ТСП-80), фотамеры Ф300ТП і апараты квантавай тэрапіі (АКТ), лазэрныя насадкі і электрапунктурныя апараты, рухомыя і стацыянарныя падстаўкі[20];
- драўляныя вырабы — альтанка, арэлі, бочка, кадка, купель, куфар і лазьня[21];
- аўтаматызаваны ліфтавы склад вышынёй да 24 мэтраў з паліцамі на 650 кг, шырынёй 237—457 см і глыбінёй 271—309 см[22].
. . . Віцязь (прадпрыемства) . . .