
Дынастыя Луітпольдзінгаў
Луітпольдзінгі (ням.: Luitpoldinger) — нямецкая дынастыя эпохі ранняга Сярэднявечча, прадстаўнікі якой кіравалі ў Баварыі ў 895—947 і 983—985 гадах і стаялі ля вытокаў фарміравання аўтаномнага Баварскага герцагства ў складзе Свяшчэннай Рымскай імперыі.
. . . Дынастыя Луітпольдзінгаў . . .
Паводле традыцыі, Луітпольдзінгі выводзілі свой радавод ад Каралінгаў і аднаго з найстаражытных баварскіх родаў Гуасі. Сцвярджалася, што іх прамаці была жонка караля ГерманііКарламана нейкая Ліўтсвінда. Тым не менш, дакументальных пацверджанняў сваяцтва Луітпольдзінгаў з германскімі Каралінгамі не існуе. Вядома толькі, што ў 893 годзе імператар Арнульф Карынтыйскі, сын Ліўтсвінды, перадаў землі Карынтыі і Верхняй Паноніі (сучасная Аўстрыя і заходняя Венгрыя) графу Луітпольду. У 895 годзе Луітпольд атрымаў таксама тэрыторыі ў даліне Дуная і Нордгау (сучасны Верхні Пфальц) з Рэгенсбургом. Так была сфарміравана тэрытарыяльная аснова новага дзяржаўнага ўтварэння ў складзе Германіі — маркграфства Баварыі. Як і кіраўнікі іншых памежных марак імперыі, Луітпольд увесь час ваяваў з суседнімі плямёнамі славян і венграў і загінуў у бітве пры Прэсбургу ў 907 годзе.
Пры пераемніках Луітпольда — Арнульфе, Эберхардзе і Бертольдзе — Баварыя была ператворана ў герцагства і стала адным з пяці найбуйнейшых княстваў імперыі, так званых «племянных герцагстваў», якія сфарміраваліся на аснове таго ці іншага племя германцаў. Арнульф, які атрымаў мянушку Злы, стаў фактычна незалежным ад караля Германіі кіраўніком, які самастойна прызначаў графаў і біскупаў на падуладных яму землях і вёў уласную знешнюю палітыку: у адрозненне ад германскіх каралёў, якія ўвесь час змагаліся з венгерскімі набегамі, Арнульф заключыў мір з венграмі, засцярогшы ад небяспекі свае ўладанні на шкоду інтарэсам імперыі. Аднак прыход да ўлады ў Германіі Саксонскай дынастыі на чале з моцнымі каралямі Генрыхам Птушкаловам і Атонам Вялікім прывёў да паслаблення самастойнасці Баварыі і паступовага яе падпарадкавання цэнтральнай уладзе. У 947 годзе сын і спадчыннік герцага Бертольда Генрых Малодшы быў пазбаўлены прастола, які быў перададзены брату Атона I Генрыху I.
. . . Дынастыя Луітпольдзінгаў . . .